Таніна тайна

Якуб Колас

Ходзіць Таня ў задуменні,
Хмурыць бровы,
Што з ёй стала?
І на Таню ў недаўменні
Брыгадзір глядзіць суровы —
Каго Таня пакахала?
 
Заклапочан твар у Тані,
Зораць вочы
Дзесь далёка.
Пэўна, марыць аб каханні
Сэрца палкае дзявоча —
Не зманеш людскога вока.
 
Таня песень не спявае
І не ходзіць
На гулянкі.
Што ж, праява то людская,
І каму каханне шкодзіць.
Але хто яе каханкі?
 
У людзей свае дагадкі.
                Толькі ж людзі —
Не прарокі!
Не, не тыя непаладкі,
Не, не тое томіць грудзі
Маёй Тані яснавокай.
 
Сама ж Таня маўчыць горда.
Дзе напасці?
Дзе прычына?
Перакрыць, пабіць рэкорды
Свае прыяцелькі Насці —
        Вось што думае дзяўчына.



 
1/ХІ 1936

Іншыя творы: Якуб Колас