У астрозе

Якуб Колас

Нудна Сцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сцёпкавы дадому.
 
Дома жонка, дома дзеткі...
Бог святы іх знае,
Як жывецца небаракам
Там, у родным краі!
 
Ходзіць Сцёпка з вугла ў вугал
Ды зірне ў аконца:
За рашоткай відно неба,
Хмарак валаконцы.
 
Эй, хмурынкі! Плывяце вы
У старонку тую,
Дзе пакінуў я сямейку,
Хатачку старую!
Ох, паплыў бы я, здаецца,
Хмаркі, разам з вамі,
Каб на вёску сваю глянуць
Нуднымі вачамі.
 
Там, далёка, за дамамі,
Разляглося поле,
Лес, узгоркі і курганы...
Эх, прастор там, воля!
 
Дзесь у полі дым сінее –
Бульбу люд капае.
Сцёпка ж бедны так марнее,
Долю праклінае...
 
Ляжа Сцёпка спаць на нары,
І праз цэлу ночку
Сны аб роднай вёсцы сняцца,
Аб сваім куточку!..
 
Нудна Сцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сцёпкавы дадому.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас