XVIII зʼезду партыі

Якуб Колас

На вежах крамлёўскіх
Высока ў прасторы,
Як водблеск жывой глыбіні,
Гараць непагасла,
Як вечныя зоры,
Вялікае праўды агні.
 
Над стромкасцю вежаў
Лунае шчасліва
Пачуццяў і мысляў вянок,
                Сабраны любоўна,
Завіты зычліва
Рукамі мужчын і жанок.
 
І сэрцы, і воля,
І думы народа
Злучыліся ў плыні адной,
Як хвалі патокаў,
Як шумныя воды,
Дзе сонца гуляе вясной.
 
Прыхілены чуйна
                І слух наш, і вочы,
І мыслямі ўсе мы ў Крамлі,
І слухаем словы,
Як голас прарочы,
Як мудрую праўду зямлі.
 
І бачым аблічча,
І бачым мы постаць
Настаўніка, друга свайго,
І чуем, як льецца
Так мудра, так проста,
        Так ясна гаворка яго.
Сямʼю баявую,
Сяброў перамогі,
Заклікаў на сход правадыр,
Каб разам адзначыць
Шляхі і дарогі,
І новыя далі, і шыр;
 
Каб вышай узвесці
Краіну Саветаў,
Умножыць яе дабрабыт;
                Каб грознаю сілай
Над стомленым светам
У сонцы ірдзеўся наш шчыт.
 
Няхай варʼяцеюць
Начніцы ў бяссіллі,
Як совы ў збуцвелым камлі:
Магутна над мрокам
Разгорнуты крыллі
Вялікай Савецкай зямлі.
 
Вядзі ж нас наперад
                У ясныя далі,
Акрэсліўшы новы размах.
Мы разам з табою,
Любімы наш Сталін, —
Адзін у нас з партыяй шлях!



 
[16.02.1939–21.02.1939]

Іншыя творы: Якуб Колас