Нёман

Якуб Колас

Льецца Нёман паміж гораў,
Светлы, чысты, як з расы,
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць воду праз лясы.
 
Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў не раз.
 
А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў;
 
Разліваўся па ракітах
І займаў і лес, і гай...
Даўгавязы плыт за плытам
У далёкі нёс ты край.
 
Колькі раз рыбацкі човен
На грудзях тваіх гуляў!..
Гой ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!
 
Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына-мужыка,
Чуў не раз у чыстым полі
Плач і слёзы бедака.
 
Ў ціхі вечар над табою
Дудка плакала не раз,
І кацілася слязою
Песня ў ранні летні час.
 
А на беразе пад дубам,
Ў ночку цёмную, рыбак
Спаў не раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду, бядак.
 
А у буру вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў,
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.
 
Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.
 
Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка...
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
 
Ты цячэш далёка, знаю,
Ў зямлю Літвы і нямцоў...
Раскажы ж чужому краю
Пра жыццё тваіх сыноў!..



 
[1906]

Іншыя творы: Якуб Колас