Будзь цвёрды

Якуб Колас

Ты не гніся, брат, ніколі
      Траўкаю пахілай,
Сам пружыны сваёй долі
        Выкуй ўласнай сілай!
 
Бо хоць кажуць, што з уклону
        Не баліць галоўка,—
Не зважай: з ярма-прыгону
        Выйшла гэта слоўка.
 
Не прасі, не спадзявайся
        Ты на дапамогу,
Сам з нягодамі змагайся,
        Сам прабі дарогу!
 
Хоць памогуць табе людзі
        Адшукаць дарогі,
А сабʼешся, зноў ты будзеш
        Абіваць парогі.
 
Не лісціся к сільным, дружа,
        Зеллейкам-бярозкай,
Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
        Страціш вобраз Боскі,
 
І ў людзей ты гонар страціш —
        І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
        Чым цярпець ды гнуцца!



 
1912

Іншыя творы: Якуб Колас