На захадзе

Якуб Колас

На захадзе, за тым кардонам,
Дзе права правіць капітал,
Працята ўсё адным законам,
Адною песняй, адным звонам –
Шаленствам прагных абдзірал.
 
Іх бог – прыбыткі і далары,
Іх покліч – рэж, труці, хапай!
Дарогі іх – вайна, пажары,
А іх жаданні, а іх мары –
          Спустошыць свет ад краю ў край!
 
Паўзе зараза з Уол-стрыта,
Бацыла пошасці, чумы:
«Джэнтльмены», наглыя бандыты,
Імкнуцца бачыць свет, заліты
Крыві патокамі, нямы,
 
Каб не было ім перашкоды
Чыніць бязлітасны разбой
  І каб для ўласнай асалоды
Душыць, глушыць, знішчаць народы
          І ўсюды лад заводзіць свой.
 
«Джэнтльмены», богі Уол-стрыта!
Задужа смелы ваш замах:
Люд не пацерпіць шлях бандыта,
І ваша стаўка будзе біта,
Ваш Бог рассыплецца: ён – прах.
 
І нават сыч, што ў Ватыкане
Сядзіць, як цёмны Вельзевул,
Вам не паможа: час настане
І неўзабаве на вас гляне,
          Каб знішчыць вас, ліхіх акул.



 
26/ІХ 1952

Іншыя творы: Якуб Колас