Сталін, партыя і народ

Якуб Колас

Цёмныя ночы, дні ліхалецця
Ткалі нам гора, бяду;
З дымам пажараў гойдаўся вецер,
Хмар наганяў грамаду.
 
Грозна грымелі, глуха стагналі
Горы, даліны, лясы;
Клаліся густа за́севы сталі
Ў кроплях крывавай расы...
 
Глянь ты на стэпы, глянь на дарогі,
Сонца і ветра спытай:
Хто сабраў сілу для перамогі?
З кім быў рабочы, ратай?
 
Сонца адкажа: Ленін і Сталін!
Вецер пацвердзіць: яны!
Разам з народам волю кавалі
Партыі слаўнай сыны.
 
 
* * *
 
Шумна праходзяць творчыя годы,
Буйна растуць гарады,
Пышна буяюць новыя ўсходы –
Ленінскі сеў малады.
 
Выйдзі на поле, глянь, падзівіся, –
Гмахі бязмежныя ніў,
Рэкі ў каналах дружна зліліся,
Морскі шугае разліў.
 
Высі надземʼя поўны гаворкі –
Песень матораў без слоў.
Гэтакіх быстрых, гэтакіх зоркіх,
Дзе яшчэ знойдзеш арлоў?
Армія наша – гордасць краіны,
Сіла надзейная, шчыт.
Партыя, урад наш – мы ўсе адзіны, –
Непераможны граніт.
 
Нам паслухмяныя рэкі і моры,
Арктыка шле нам паклон.
Свецяць над намі сонца і зоры –
Сталінскі ясны закон.
 
Хто ж даў народам столькі разгону?
Хто іх у высі падняў?
Пад бальшавіцкім сцягам чырвоным
Сталін нас дружбай абняў.
 
Сее ён, сейбіт, промені згоды,
Каб красавала зямля.
Сталіну слава! Доўгія годы
Сэрцу краіны, Крамля!



 
15/VI 1938

Іншыя творы: Якуб Колас