На павароце

Якуб Колас

Мяне ўжо радуе і тое,
Што ночка стала убываць
І што ад мёртвага спакою
Пачне прырода ажываць;
 
Што з кожным днём бліжэй к вясне мы,
Калі абудзяцца гаі,
І сон палёў, спакой іх немы
Пабудзяць з шумам ручаі.
 
Няхай шумяць вятры ў полі
Халоднай злоснаю зімой,
Адну зіму быць мне ў няволі
За мураванаю сцяной.
 
А там — вясна, і блізка воля;
Другі раз родзішся на свет,
А лесу шум і песня поля
Сатруць з душы нягоды след.



 
11/ХІІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас