Заходняй Беларусі

Якуб Колас

Граніц няма шаленству катаў.
«Душы!» «Даві!»
«Крыві!» «Крыві!»
Вот лозунг панскіх «дэмакратаў».
 
Лютуе кат. Растуць магілы,
А на магілах — бурʼяны...
Краіны верныя сыны,
Клюе вас «ожэл» белакрылы!
 
Працяты жудасцю астрогі,
І стогнам поўняцца муры...
Хвала вам, гонар, змагары!
Не зарастуць вашы дарогі.
 
Вас судзіць суд прадажнай зграі,
Дзе панскі зброд,
Сумленне кінуўшы за плот,
На «крэсах» «цуды» утварае.
 
А на тых «крэсах» енк пакуты,
Гібее, чэзне там народ,
А той фашысцкі панскі бот
Ступае помсліва і люта.
 
О Беларусь у польскіх межах!
Цябе распялі на крыжы,
Твой дом запоўнілі вужы,
І дзеліць кат твае адзежы.
 
Але ўсяму свая ёсць мера:
Надыдзе неўнікнёны час,
І будзе суд загнаных мас, —
Адплату ён нясе вам, зверы!



 
16/ХІ 1932

Іншыя творы: Якуб Колас