Паэт, не насі гітары!

Якуб Колас

За паэтам бегаў лісам
Смех гадоў з паўсотні,
А калі паэт стаў лысым,
Смех – гаў! з падваротні:
 
– Стой, паэце, прыпыніся!
Што ж ты без гітары?
Ці любошчы апякліся
І паблеклі мары?
 
А казаў ты нам улетку,
        Што аб яе шчочку
Можна проста сігарэтку
Прыпаліць уночку.
 
Эх, паэце! Жыў ты, марыў
Аб жывой крыніцы,
А знайшоў пад гром гітары
Ты яе ў спадніцы!
 
Ну, зірні ж ты, мой бядача,
Як смуткуе хата,
А ў ёй хтось маленькі плача,
          Нібы кліча: «Та-а-та!»
 
Не хадзі ж у поўнач, браце,
І не лазь у гушчары:
Каб не быць шчэ трэцяй маці,
Не насі гітары.



 
30/ХІ 1953

Іншыя творы: Якуб Колас