Петрусю Броўку

Якуб Колас

Някепскі час быў прад вайною,
Жыла багата Беларусь,
А колькі раз тады з табою
Кулялі чаркі мы, Пятрусь.
 
Бывала, скончыш дзень службовы,
У Дом пісьменніка зірнеш,
А там К–Ч і размовы,
Як ты працуеш, як жывеш?
 
Ці не зрабіў ухілу часам
          У той ці іншы грэшны бок?
Вядома, ходзіш самапасам,
А ён жа сочыць і здалёк.
 
Ну што ж? На тое ён дазорца,
Наш апякун і кіраўнік,
Стаіць высока, як на горцы,
І свой вартуе пастаўнік.
 
Я не злуюся, хоць часамі
І смешна мне, ды я маўчу,
Бо ёсць жа розніца між намі, –
          Як супярэчыць сілачу?
 
Паспавядаўшыся, іду я
Табе, Пятруська, пазваніць.
Няхай К–Ч засярдуе –
З табой прыемней гаманіць.
 
Званю і чую я твой голас: –
Заходзь! Чакаю, дужа рад!
Я не маруджу ні на волас,
Не азіраюся назад.
 
Іду наніз, качуся з горкі –
        Тады ў лагчынцы жыў Пятрусь, –
Вось і Пятрусевы падворкі,
А вось на ганку сам Пятрусь!
 
 
Вітаемся ды – шусь у сені,
З сяней праз кухню ў кабінет,
А ў кухні постаць добрай Ксені,
Як прыклад ветлівых кабет.
 
Пакуль з табою мы гуторым
З душой, расчыненай наўсцяж,
Яна рыхтуе тэмпам скорым
          Нам закусь, знае звычай наш.
 
– Ну, што? То пойдзем перакусім, –
Гаворыць ветлы гаспадар.
Прыходзім – братцы! Стол Пятрусеў,
Сказаць, раскошны Божы дар.
 
Капуста ўласнае закваскі,
Грыбкі з цыбулькай, халадзец,
І сыр, і масла, і кілбаскі,
Ну, і, вядома, селядзец.
 
Між гэтай Боскае даброты
          Стаіць паўлітрык, як паэт,
Гатовы развязаць з ахвотай
Для вас паэзіі кісет.
 
Мы за сталом не зводзім часу,
Бяром па чарцы, па другой
І трушчым скваркі і кілбасы
Пад лёгкай хмельнаю смугой.
 
Якраз і Лёлі няма дома –
Не любіць выпівак яна.
Мы гэта ўлічваем, вядома,
          І чаркі гладка пʼём да дна.
 
Так непрыкметна, пры гамонцы,
Глядзіш – паўлітрык і пусты.
А нашы твары ўжо, як сонцы,
І сэрцы поўны дабраты.
 
Нарэшце баль мы наш канчаем,
Дахаты рушыць мне пара.
 
Мы стол гасцінны пакідаем,–
Як не абняць гаспадара?
 
Мы шчыльна тулім губы к губам
          Не год сябруем, не другі...
Мне і цяпер успомніць люба
Той час, Пятрусь мой дарагі!
 
Прымі ж, браток, маё пасланне,
Хоць, праўда, ў ім канца няма.
Пішу я не для развітання –
Мы пажывём яшчэ, дарма!



 
18/ІХ 1948

Іншыя творы: Якуб Колас