Вярбіна

Якуб Колас

Над вадою адзінютка
Пахілілася вярбіна;
Ные бедная ціхутка.
Ці ж то ёсць у ёй кручына?
 
Мые Нёман ёй карэнні,
І дурэе вецер з ёю,
А паднізам чарадою
Ціснуць ногі ёй каменні.
 
Ёсць кручына немалая,
  І шуміць яна так нудна,
Бо ёй доля не спрыяе,
Бо расці ў каменнях трудна..
 
Так і ты, народ наш бедны,
Як вярбіна, проці волі
Доўга носіш пояс медны,
Гнешся ты, як крыж у полі!



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас