"Песні зімы..."

Якуб Колас

Люблю я зімы з маразамі,
Завеі белыя ў палях,
І снегу скрып пад палазамі,
І ціш зімовую ў лясах.
 
Люблю я ветру спеў гаротны
Ў сялянскіх комінах пустых,
На полі белыя палотны —
Абрусы хмарак снегавых,
 
Што засцілаюць лугавіны
І далі ціхія палёў.
Мне любы елкі і хваіны
Пад белай посцілкай снягоў.
 
У гэтых зʼявішчах свабодных,
У тых малюнках халадоў
Так многа песень, сэрцу родных,
Адбіткаў мілых мне гадоў.



 
8/ХІ 1916

Іншыя творы: Якуб Колас