Наша доля

Якуб Колас

Наша доля нас не знае,
Жыцце наша – ноч і цьма.
Жар улетку нас даймае,
Цісне холадам зіма.
 
Не красуе наша ніва,
Луг не цешыць нам вачэй.
Гне к зямлі нас праца жыва
І ў труну кладзе дзяцей.
 
Наша жыцце не вясёла...
Ноч і цьма на нас ляглі.
Нашы хаты, вёскі, сёлы
Сівым мохам абраслі.
 
Нашы слёзы незлічоны,
З нас крывавы льецца пот...
Люд забіты, люд хрышчоны,
Абяздолены народ!..



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас