Мінск

Якуб Колас

Пахілыя вербы, як тыя бабулі,
Пасталі над Свіслаччу ў рад
І шэпчуць ёй штось на свой лад,
Ды ціхенька-ціха, каб іх не пачулі.
 
Аб чым яны шэпчуць? Якія турботы
У вербах прыгнутых старых?
І што засмучае тут іх?
Ці ім яшчэ сняцца пажары, грымоты?
 
На ўзгорку будынкі глядзяць, бы калекі,
        Выносяць свой боль напаказ.
Бляск вокан, вачэй іх, пагас,
І полымя збіла ім бровы, павекі.
 
Стаю на пагорку. Адгэтуль мне далі
Прастораў шырокіх відны.
Не ўсюды ж руіны адны,
І плешыны-пусткі не ўсе задрамалі.
 
Мне радасна бачыць, як Мінск жыве, дыша,
Залечвае раны свае,
З пажарышч, з руін паўстае
          І голаву ўзносіць угору ўсё вышай.
 
Глядзіш – там пад стрэху выводзяць даміну,
А там – агароджа; за ёй
Рабочых варушыцца рой;
А там засыпаюць пад плошчу нізіну.
 
Будуецца горад удумна, нанова,
Хоць многа нястач, перашкод,
А ўсё што ні дзень, што ні год –
Больш творчага мае разгону будова.
 
І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўны,
          У плошчах, садах зацвіцеш,
У новых калонах пад сотнямі веж,
Зноў юны, прыгожы, магутны і слаўны.



 
23 мая 1947

Іншыя творы: Якуб Колас