У цяжкую часіну

Якуб Колас

Зямля мая, нябёсаў родных сінь,
Лугоў зялёныя пасцелі!
Вы ўстаяце з-за смутных далячынь
Скрозь горы і пустэлі.
 
Празрыстасць рэк, дубоў жывы шалаш,
Дарог нязлічаных красёнцы!
Вас бачу я, я чую голас ваш,
Прываблівы, як сонца.
 
Мой мілы край, народ мой дарагі,
                З душой адкрытаю і сэрцам!
Зноў дзеляць нас парогі-берагі.
Пракляцце крыважэрцам!
 
Смуга-імгла навісла над табой,
І пʼеш ты зноў пакуты чашу:
Фашыст-шакал звярынаю нагой
Стаптаў нам нівы, пашу.
 
Як пошасць чорная, ўварваўся ён,
        Прайшоў разбойніцкай ступою,
І ўсюды кроў, няволю і палон
                Пакінуў за сабою.
 
Спаліў твае сялібы, гарады,
Твой дом разграбіўшы дарэшты.
Не ведаў ты яшчэ такой бяды
З тых дзён, як тут жывеш ты.
 
Не плач, зямля! Народ мой, не тужы —
Вышэй ўзнімі сваю сякеру!
За здзек, за кроў, за грабяжы —
На Гітлера, на звера!
 
Находзіць час, і меркнуць яго дні,
                Як ноч, над ім звісае кара.
Не вырвецца з сваёй жа западні
Фашысцкая пачвара!



 
25/ХІ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас