На пералётах

Якуб Колас

Наведаў я той дом, даўно знаёмы,
Дзе мы з табой бывалі ўжо не раз,
Дзе хвой шатры, як волатаў шаломы,
Нас вабілі з дарогі на папас.
 
Гадалі так, а выйшлася іначай,
І гора ты, пакут зазнала шмат.
Аб доме тым ніхто з нас не заплача,
Ты ж аглянешся з горыччу назад.
 
Пустуе наш пакой асірацелы,
        І мой партрэт, не зняты са сцяны,
Глядзіць, нібы ў пахмеллі, спахмурнелы,
Разгублена пытае: — Дзе ж яны?
 
 
І выраб мой дасужае мінуты,
Рагаты сук пад напісам «Чымган»,
Прыродаю так вычварна загнуты,
Гадае там пра родны Казахстан.
 
Валяюцца, як смецце, пацяробкі,
Забытыя драбніцы на стале:
Акуркі ў попелцы, пяро, каробкі
        І чорцікі, скалечаныя ў шкле.
 
І ложак наш, у холадзе застылы,
На ўсю сцяну стаіць, як саркафаг.
І слой густы драбнюсенькага пылу
Спакойненька паслаўся ў галавах.
 
Курэў так-сяк агеньчык цьмяны быту,
Ды час прайшоў, агеньчык наш пагас.
Яшчэ этап вандроўніцтва пазбыты,
І кончыўся часовы наш папас.
 
Чакае нас у роднай Беларусі
        Разбураны, ды мілы наш куток.
Ачуньвай жа, мой добры друг Маруся, —
І родны край і дом наш недалёк.



 
Масква, Стараканюшанны
27.12.1944–28.12.1944

Іншыя творы: Якуб Колас