Вясна

Якуб Колас

Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся!
 
Вясёлы спеў,
Прыветлівы
Вады ў руччах
Пачуецца.
 
Ачнецца гай
  І з песнямі
  Ў зялёны ліст
Адзенецца.
 
Напоўніць лес
Птушыны свіст,
Травою луг
Акрыецца.
 
А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
  Націснецца,
 
І першы гром,
Як музыка,
Таемна так
Пракоціцца.
 
Зямелька ўся
Ўскалышацца,
Дажджом яна
Абмыецца.
У прыродзе ўсё
    Народзіцца,
І маладосць
Ёй вернецца.
 
Ды толькі мне
Не вернешся,
Не вернешся
Ты, моладасць.
 
Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
    Ты вернешся!



 
25/І 1910

Іншыя творы: Якуб Колас