Турэмная камера

Якуб Колас

Цесна камера, як клетка,—
Вузкі ход праміж дзвюх нар;
Пры акне жалеза сетка,
Над дзвярамі «каляндар»,
 
Разлінеены ў радочкі,
Ды «буфет» з пяці дасок.
У павуцці ўсе куточкі,
Ў пыле кожны вугалок.
 
Два аконцы, дзве рашоткі,
Два цабэркі для вады;
Столік, вузкі і кароткі,
Сеннікі у два рады.
 
Абабіт пабел усюды,
А праз столь цячэ вада.
Ў закарвашках звярок руды,
Клоп і ўсякая брыда.
 
Пахне потам чалавечым...
Цяжкі, спёрты, кіслы дух.
Рана ўстанеш — дыхнуць нечым,
Проста вешай хоць абух.



 
1909

Іншыя творы: Якуб Колас