Мой дом

Якуб Колас

Між ніў дарожкаю сляпою
Іду я мернаю ступою
        І разглядаюся кругом.
Пад ясна-сіняю страхою
Чыеюсь дбалаю рукою
        Збудован мне прасторны дом.
 
Утульна ў ім, дабра ў ім поўна,
І ўсюды мудрасці бязмоўнай
      Відна спрадвечная пячаць.
На ветравеях, нібы воўна,
Плывуць хмурынкі так чароўна.
        Чаго плывуць? Куды? — Маўчаць.
 
Унь там рачулка срэбрам літым
Бяжыць па жолабе размытым
        І цэлы свет жыцця нясе,
А луг зялёным аксамітам,
Вянкамі кветак апавіты,
        Разлёгся ў роскашы-красе.
 
Дубы, сябры мае самоты,
У высі неба мкнуць узлёты,
        Сукі раскінуўшы вакол.
А колькі згоды і пяшчоты
У тых пясках, што пазалотай
        Ускрай баркоў ляглі на дол!
 
Як многа волі і разгону!
Як многа песень, шуму, звону,
        Дзе ні паслухай, ні зірні!
Свае тут звычаі, законы,
У кожнай песні свае тоны
        І свой адбітак глыбіні.
 
Іду я, дом свой аглядаю,
Ды сам з сабою разважаю,
        А на душы такі спакой!
І песня нейкая жывая
У дружны тон адзін спявае
        І з гэтым небам і зямлёй.



 
13/IV 1939

Іншыя творы: Якуб Колас