Роднаму краю і народу

Якуб Колас

Я калісьці нямала складаў
Табе песень, о родны мой краю,
Шмат аб лёсе тваім сумаваў,
Толькі ў думках, у марах гадаў,
Што з табой лепшых дзён прычакаю,
 
Адно толькі я ведаў тады,
Адно толькі было мне вядома:
Памагчы – Бог не прыдзе сюды,
За царом не пазбыцца нуды,
        Нам за ім не зажыць па-другому!
 
Годы хвалямі смутку плылі,
Беспрасвецце звісала над намі.
Панавалі паны на зямлі,
А на нашых палосках раллі
Толькі пырнік буяў з палынамі.
 
Ох, хадзіла па свеце, брыло
У сярмяжцы залатанай гора
Ды пад стрэхі праз цьмянае шкло
Людзям весці ліхія нясло –
        Разлівалася ліха, як мора!
 
Злосць у сэрцы выношваў народ –
Неставала часамі цярпення,
Песціў думкі пра грозны паход,
Каб паноў павыкідваць за плот
І каб царскае знішчыць насенне.
 
І сягоння, праз трыццаць гадоў,
З болем час той яшчэ ўспамінаю.
А за тон маіх сумных ладоў,
Што, як колісь, з табою павёў,
        Прабачай мяне, новы мой краю!
 
 
  * * *
Новы край, савецкі край!
Беларусь, мая старонка!
Я хацеў бы песняй звонкай,
Песняй – шчыраю гамонкай
Слова выказаць: вітай!
 
Прывітай, мой вольны люд,
А з табой і я вітаю
Новы лад у нашым краі,
Што развеяў панства зграю,
        Завітаўшы і ў наш кут.
 
У свет многа нам дарог,
У свет ясны і прасторны,
Толькі смелы будзь, праворны,
Далей, далей шляхам зорным –
То – шлях нашых перамог!
 
Ты на працы крэпак, дуж,
Ты ў рабоце спрытны, споры,
Павярнуць ты можаш горы,
Сілам нашым ёсць прасторы,
        Бо разорван царскі гуж.
 
Наша праца – наш узлёт,
Наша слава і багацце,
Наша сіла, мае брацці,
Супрапь чорнага закляцця,
Што вякі цярпеў народ.
 
Нашым сейбітам дабра,
Геніяльным, знамянітым,
Дзякуй шчырае скажы ты –
Іх рукамі ковы збіты, –
        Нашай партыі – ура!
 
 
        * * *
 
Ёсць новая сіла ў Савецкай краіне
На радасць народам зямлі.
Яна расчыняе дарогі ў вышыні,
Яе ў навальніцах, у грознай часіне,
Нам Ленін і Сталін далі.
 
Ніхто гэтай сілай яшчэ не валодаў,
І сілы такой не было.
Імя ёй – свабода і дружба народаў,
Друг верны праслаўленых нашых паходаў
                Варожаму свету на зло.
 
Мы з ёю прыгожы наш дом збудавалі,
Дзе многа прастору, святла.
Мы ў бітвах крывавых яго адстаялі,
Бо дом наш збудован з найлепшае сталі ,
Што легла ў аснову вугла.
 
Мы з ёю сягоння залечваем раны,
Свой край падымаем з руін,
Будуем заводы па новаму плану,
І нам памагае народ Казахстана,
                Латыш, украінец, грузін.
 
З той сілай ступаем мы вышай і далей,
І цвёрды наш поступ і крок,
Агнём гартаваны і ў поўным накале.
Наш дзень умываецца сонечнай хваляй,
Развеяўшы холад і мрок.
 
Без страху, упэўнена, зорка спакойна
З той сілай у даль мы глядзім.
Няхай варʼяцеюць апосталы войнаў,
А нас не пужае іх хор непрыстойны –
                Ёсць Сталінскі геній. Мы з ім.
 



 
14.11.1948, 16.11.1948

Іншыя творы: Якуб Колас