Сялянскія думкі

Якуб Колас

Невясёлая, галодная,
Халадэчамі багатая,
Эх, вясна, вясна халодная,
Чым пацешыш ты аратая?
 
Не растуць хлябы, марнуюцца,
Сохне праца ўся вялікая.
Драсяны ў жытах красуюцца,
Ў ярыне — свірэпка дзікая.
 
На лугі зірнеш мурожныя —
  Жоўкнуць травы і старэюцца
Ды грудочкі прыдарожныя,
Як бародаўкі, жаўцеюцца.
 
Ветры з поўначы халоднае
Веюць злоснымі парывамі,
Ходзяць хмары, ды бясплодныя,
Не раняюць слёз над нівамі.
 
Мусіць, ведаюць, што нашымі
Слязьмі-потам бедачынымі
Шчыра зліты нівы з пашамі,
Луг шырокі з азярынамі.
 
Суш, бяздожджыца, бязросіца...
Ох, знаць, будзе год галодненькі!
Не адзін тут разгалосіцца
З тваіх дзетак, край наш родненькі!



 
1911

Іншыя творы: Якуб Колас