Салар

Якуб Колас

Рассыпала сонца каралі,
Ірдзее ў ім пыл, нібы жар.
Шумлівыя кідае хвалі,
Прахладаю вее Салар.
 
Утульнай густою сцяною
Схіліліся дрэвы над ім.
Гамоніць Салар з цішынёю,
Не ведаю толькі, аб чым.
 
Рахманая горленка з дрэва
        Глядзіць на шырокі арык.
Вядомы ёй лепш яго спевы,
А я да іх — не, не прывык.
 
Злятаюцца птушак чароды
На ноч у зялёны гушчар.
Імклівыя жоўтыя воды
Нясе безупынку Салар.
 
Пагасла дзесь сонца далёка,
І толькі праменні ўгары
Узняты, як рукі прарока,
        І дрэвы змыкаюць шатры.
 
Над стрэльчатым верхам таполі
Займаецца бледны пажар.
Паветра гарачае з поля
Плыве на халодны Салар.
 
Сціраюцца яркія тоны,
Напоўзвае мрок патайны,
І вечар замёр задумлёны,
Бясшумна снуюць кажаны.
 
Грывастыя жоўтыя хвалі
        Не ведаюць сцішаных мар.
Маўчаць невядомыя далі,
Шуміць неўгамонны Салар.
 
 
А я пазіраю на захад.
Мне цяжка. Чаго? Не пытай!
Пад дымам вайны, як пад дахам,
Пакутуе родны мой край.
 
Сяджу я адзін, разважаю.
Як хвалі, маршчыны на лбе,
Смуткую па роднаму краю,
        Тужу, мілы друг, па табе.
 
Укрылі далёкія зоры
Нябесны бяздонны абшар.
Аб чым жа, скажы мне, гаворыш,
Узбекскі шумлівы Салар?



 
3/VIII 1943

Іншыя творы: Якуб Колас