"Сохну марна я ў астрозе..."

Якуб Колас

* * *
 


Сохну марна я ў астрозе,
Дарма трачу сілы.
Рвецца дух мой на свабоду
З гэтае магілы.
 
Шкода хаткі мне старэнькай
З латанай страхою,
Што схілілася над Нёмнам
Горкай сіратою.
 
Шкода мне зялёнай нівы,
    Што шуміць у полі,
Тога дуба, што над рэчкай
Песціцца ў прыволлі.
 
Шкода мне гаёў цяністых
І лугоў прастору,
Дзе пад ветрам ходзяць хвалі
Травянога мора.
Шкода светлай ручаінкі
Ў берагах пясчаных,
Што, як срэбра, мкне-бруіцца
  Паміж гор, курганаў.
 
Шкода вёсак запусцелых,
Дзе ральнік гаруе,
Дзе зімою вецер вые,
Замяць-снег шнуруе...
 
Гэта — вобразы краіны,
Беларусі роднай...
Край ты наш! Як міл ты сэрцу,
Цёмны край, галодны!
 
Ды не век я тут гарую,
Дачакаю волі
І пачую ў родным краі
Песні лепшай долі.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас