Пад шум ветру

Якуб Колас

Праляцела борзда лета,
Наша светлая пара.
На дарозе нашай вузкай,
Як раней, стаіць гара...
 
 
Скора, скора дзьмухне холад,
Снег пасыпле з сівых хмар,
Зноў мароз надыдзе люты
І клубком паваліць пар.
 
Разам з ветрам, з халадамі
Думак рой к нам наляціць, –
Нудных думак, неспакойных, –
Сэрца беднае сушыць.
 
Будуць ветры за вугламі
Выць, і плакаць, і стагнаць,
А ў той вечар доўгі, цёмны –
Песні ў коміне спяваць.
 
Бор стары завые нудна,
Зашуміць галлём лаза.
Пад іх шум не раз на сэрца
Капне горкая сляза.



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас