Пераможны Май

Якуб Колас

Дарогай вольнай, зорнаю,
Шырокаю, прасторнаю,
Як наш Савецкі край,
На свята ўсенароднае
К нам з песняю паходнаю
Ідзе вясёлы Май.
 
З усмешкаю шчасліваю,
Як сонейка, зычліваю,
Задзівіцца юнак:
Такая шыр бязмежная,
Бурлівая, мяцежная,—
Што крок, то волі знак!
 
Калоны за калонамі
Пад сцягамі чырвонымі
Ідуць, як хвалі рэк,
Няспынныя, імклівыя,
Вясёлыя, шумлівыя,
Бо знішчан гнёт і здзек.
 
Далінамі, прагаламі
Бяжыць вада каналамі, —
Вялікі волжскі шлях...
Пад краснаю сталіцаю
Вясёлкай-бліскавіцаю
Іграе морскі гмах.
 
У гмаху тым струменіцца,
Жыве, гарыць, праменіцца
Душа правадыра.
І Сталіну, як зодчаму,
І простаму рабочаму
Гукаем мы «ура!»
 
Дарогай вольнай, зорнаю,
Нізіннаю і горнаю
Прайдзі ты, юны Май,
З канца ў канец краіны ўсе,
Працоўны люд у іх красе
Ты з воляй прывітай.



 
22/IV 1937

Іншыя творы: Якуб Колас