З вышыні прэзідыума

Якуб Колас

Мне шмат чаго відаць са ўзвышша:
Знайшоў вачамі я Пятруся –
Сядзіць, прыгнуўся, нешта піша.
А што? аб чым? Сказаць баюся.
 
Паэму, верш ці так нататку,
А можа нават эпіграму
На нашы хібы, непаладкі,
Каб у жыцці было менш хламу.
 
Яшчэ сказаў бы і шмат болей,
        Ды штосьці вочы служаць блага.
Ці ж пагадзіцца са злой доляй,
З такой заганай, прыкрай плягай?
О не! крый Божа! Не, ніколі!
 
Вось воблік я спаймаў Ларысы,
Такі прыветны і вясёлы!
Ды зноў жа: засціць чэрап лысы,
Як шар більярдны, увесь голы...
 
Не – лепш сядзець як падабае,
Бо не ўтрымаць салоўкі ў жмені.
          Паслухаць лепей, аб чым бае
Таварыш добры, Варвашэня.



 
17/ХІІ 1955

Іншыя творы: Якуб Колас