Жытні колас

Якуб Колас

На саломцы тонкай
У траве густой
Спее адзінокі
Колас сіратой.
Ці то птушка Божжа
Кінула зярно,
Ці то заняслося
Бураю яно,
 
Ці з дзіравай торбы
Конік чый згубіў,
На чужую скібу
Зерне пасадзіў, –
 
Неба яго знае,
Як сюды папаў,
Хто ад роднай нівы
Зерне адарваў...
 
Сушыць яго сонца,
Хіліць вецярок.
Ные сірацінка,
Плача каласок.
 
Плача, што няма з кім
Думку падзяліць,
Смутную галоўку
Ціха прытуліць
 
Да другой галоўкі,
Да другіх грудзей
І шаптаць аб шчасці
У цішы начэй.
 
Апусціўшы нізка
Тонкі паясок,
Ные сірацінка,
Плача каласок.
 
Плача, што дарэмна
Тут расце ў глушы,
Што нідзе не згледзіш
Роднае душы,
 
Што яго зярняткі
Птушкі падзяўбуць,
Белую саломку
Ветрыкі пабʼюць.
І, падняўшы ўгору
Стромкі валасок,
Ные сірацінка,
Плача каласок.



 
1908

Іншыя творы: Якуб Колас