Кветкі

Якуб Колас

Вянуць дарэмна ў глухіх закавулках,
Ў нізкіх далінах, на ціхіх рачулках
      Кветачкі, дзеткі вясны.
Рэдка хто бачыць, як жыцце іх гіне,
Вока людское на іх не спачыне —
        Вянуць і сохнуць адны.
 
Толькі іх сонейка песціць, цалуе,
Толькі іх ветрык спакойна шануе,
        Роска змывае іх твар.
Смутак агорне, і горка мне стане,
Жаль нейкі душу і сэрца апране,
        Шкода, што гіне так дар.
 
Мілыя кветачкі, ясныя зоркі!
Я б перанёс вас на горы, узгоркі,
        Каб вы ўсім відны былі;
Каб, пазіраючы, як вы прыгожы,
Сталі душой мы і сэрцам пахожы
        На вас, мае дзеткі зямлі.



 
[1913]

Іншыя творы: Якуб Колас