Ленінскім шляхам

Якуб Колас

Празорлівым зрокам
Трыбуна-прарока
Асветлены Леніным шлях.
 
Ён скованай сіле
Даў волю і крылле –
Шырокі, магутны размах.
 
Краіна Саветаў
Паўстала над светам,
Як новае сонца зямлі.
 
Ні громы, ні буры,
Ні грозы-віхуры
Адолець яе не змаглі.
 
У постаці гордай
Стаіць яна цвёрда,
Як волат, як міру скала.
 
Ці ж зверне з дарогі
Яе свет убогі,
Дзе густа навісла імгла.
 
Над нашай Радзімай
          Агнём незгасімым
Нам ленінскі свеціць прамень.
 
Вядзе ж яе Сталін
У светлыя далі,
У новы, у радасны дзень.
 
 
Ляжыць перад намі
Умыты агнямі
Чароўны, бяскрайні разлог...
 
Між нас жыве Ленін,
Як з геніяў геній, –
        Да новых заве перамог.



 
16/І 1952

Іншыя творы: Якуб Колас