На полі

Якуб Колас

Шэпчуць згодна каласінкі,
      Гойдаюцца нівы,
Ходзіць гоман між збажынкі,
        Мілы і шчаслівы.
 
Колькі шуму ў нашым збожжы,
        Спеву і гаворкі!
Як вы мілы, як прыгожы,
        Родныя пагоркі!
 
Як старанна заараны,
        Поле, твае скаты!
Межы кветкамі убраны
        Пышна і багата.
 
Над жытамі песні льюцца,
        Толькі сонца ўстане.
Люба глянуць, азірнуцца,
        Стаўшы на кургане.
 
Па краях палёў шырокіх
        Цёмны лес сінее.
Колькі ў полі адзінокіх
        Грушак зелянее!
 
Там, пад наміткай туманаў,
        Відзен гай сасновы,
Што прабег паўзверх курганаў,
        Як дзявочы бровы...
 
Шэпчуць нівы ў полі згодна,
        Гнуцца каласамі.
Ой ты, поле! Гай ты родны!
        Толькі ж я не з вамі.
 
Толькі ў думках я вас бачу,
        Шум здалёку чую.
Я без вас тут годы трачу
        І па вас гарую.



 
18/ІІІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас