С. Г.

Якуб Колас

Не будзем сягоння глядзець на гады:
Не годы — украса паэта.
Жадаю, каб быў ты ў сто год малады.
Дык выпʼем жа, браце, за гэта!
 
Не скрыўдзіў гарэлкай і закуссю Бог,
Паслаў і «оэсу» паўпляшкі
За тое, што многа прайшлі мы дарог,
Што шлях наш часамі быў цяжкі.
 
Ды самы круты перавал-пераход
        Глынула імглістая Лета.
Дай, Божа, Сяргейка, жыць шмат табе год!
Дык выпʼем, мой дружа, за гэта!
 
І выпʼем таксама за нашых жанок,
Каб з намі жылі ў красе-цвеце:
Яны нашай долі ярчэйшы вянок
І лепшыя крытыкі ў свеце.
 
Нарэшце, прад тым, як сказаць мне й «бывай» —
Бо ж той не адхіліш мінуты, —
Паўнюткую чарку падымем давай
        За гучныя нашы салюты.



 
17/І 1945

Іншыя творы: Якуб Колас