Цішку Гартнаму

Якуб Колас

Трудная дарога, праца, гараванне,
Доўгія гады,
А навокал цемра, злыдняў скагатанне,
Над працоўным людам здзекі, наруганне —
Ўсё было тады!
 
Але рушыў смела ты ў сваё блуканне,
Моцны, малады,
Каб у далеч тую, у яснае ранне
З песнямі змагання, іскрамі світання
Пралажыць сляды.
 
След праложан, браце, знойдзен шлях шырокі
Для працоўных мас.
Хоць сачыла ліха ўсюды твае крокі,
Непрапаў жа ў пушчы голас адзінокі
І агонь не згас.
 
Нашым вольным гоням, дзе лягла пуціна,
Даў і ты свой дар,
І цябе за гэта, як дбалага сына,
Прывітае шчыра родная краіна.
Дык жыві ж, пясняр!
 



 
[1928]

Іншыя творы: Якуб Колас