Вячэрнія хмаркі

Якуб Колас

Сонейка заходзіць,
І кладуцца цені,
І плывуць хмурынкі
Ў ціхім задуменні.
 
Белыя валокны
Сонейкам заліты.
Вольны ім дарогі,
Сцежкі ім адкрыты.
 
Хмаркі залатыя!
Вы — прастору дзеці,
Ходзіце вы вечна
Па ўсім белым свеце.
 
Праплывіце ж, хмаркі,
І над родным краем,
Над сялянскім полем,
Над зялёным гаем,
 
І заплачце, хмаркі,
Дробнымі слязамі
Над мужычай нівай,
  Над яго лугамі.
 
Загрымеце громам,
Стаўшы цёмнай хмурай.
Толькі ж не пабеце
Жыта градам, бурай.
 
Хмаркі залатыя,
Сонца, неба дзеці!
Вы прывет мой шчыры
Ў вёску занясеце.



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас