Шчаслівым жанчынам

Якуб Колас

Па-над лесам, па-над долам
Знікла мжа і цень.
Гарадам, калгасным сёлам
Свеціць ясны дзень.
 
Я не чую песень жалю,
Смутку дзён ліхіх,
Што ў жніво жанкі спявалі
На шнурах пустых.
 
Я не чую ў полі плачу
Стомленых дзяцей,
Млявых постацей не бачу
Паднявольных жней.
 
Паў у прошласць гнёт суровы,
Цяжкі лёс жанок.
На калгасным полі новы
Жнеі ўюць вянок.
 
І складаюць песні-краскі
Аб жыцці сваім,
Што праз сненне, мары, казкі
Ледзь мільгала ім.
 
Свецяць вочы іх, як зоры,
Радасцю гараць.
А прасторы ж! а прасторы! —
Люба пазіраць!
 
Замлявае ў далях сініх
Шырыня, размах.
Свет шырока ім расчынен,
Вольны ўсюды шлях.
 
Па-над лесам, па-над долам
Знікла мжа і цень.
Дочкам горада і сёлаў
Свеціць новы дзень.
 
Прахам стаўся лёс прапалы,
Гнёт заклятых дзён.
Гераіні працы дбалай!
Вам прывет, паклон!
 
Ходзіць па-над нашым краем
Сонца-яснацвет.
Мы вас сёння пасылаем
У сталінскі Савет.



 
5/ІІІ 1938

Іншыя творы: Якуб Колас