Майскае свята

Якуб Колас

Па савецкіх гарадах, па сёлах
Ходзіць Май расквечаны, вясёлы,
Ходзіць смелым крокам,
Зорыць ясным вокам.
 
Дзе яго сустрэнуць больш пачэсна?
Дзе так радасна квітнеюць весны?
Дзе, у якім краю
Так прывольна Маю?
Не, няма другой такой краіны,
Дзе б шырэй пралеглі пуцявіны,
Дзе б так ветла далі
Вабілі, ласкалі!
 
Працярэблены шляхі, прагалы,
А па іх ідзе народ удалы,
Дружбаю зʼяднаны,
Партыі адданы.
 
І няма імкненням перашкоды,
Славаю авеяны паходы,
Смелыя палёты
Увысь, у ясноты...
 
Ходзіць Май, краіну аглядае,
А байцоў чырвоных моц якая:
Першы маршал скажа —
Зломяць сілу ўражжу!
 
На прастор ідзе мая краіна
З песняю юначай, салаўінай.
Свеціць па старонцы
Сталінскае сонца.
 
Па савецкіх гарадах, па сёлах
Ходзіць Май расквечаны, вясёлы,
Ходзіць смелым крокам,
Зорыць ясным вокам.



 
[1938]

Іншыя творы: Якуб Колас