Мара

Якуб Колас

Шоў дарожны адзінока.
Поле голае шырока
Гладдзю роўнаю лягло.
 
Ні дзярэўцаў, ні кусточка,
Апроч жоўтага пясочка,
Нічагутка не было.
 
Сонца варам аблівала
І без жалю апаляла
Грудзі цвёрдыя зямлі.
 
Уміраў бядак ад смагі,
А па твары поту рагі
За каўнер яму цяклі.
 
Пуста, ціха і маркотна...
Кідаў вочы ён гаротна,
Ці не блісне дзе вада.
 
За далёкай сіняй гранню
Мільгатнула гожай зданню
Пышных рослін чарада.
 
Падарожны ажывіўся,
Бляск надзеі засвяціўся
Ў яго стомленых вачах.
 
І цвярдзей ступаюць ногі,
Цяжкасць труднае дарогі,
Спёка, вар яму не страх.
 
А дзярэўцы ўсё здалёка
Так і вабяць яго вока,
У цянёк яго завуць.
 
Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасці пяюць.
 
Вось бліжэй, бліжэй расліны.
Купы лозак і каліны
Акружаюць беражок,
 
А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак
Гожы сплецены вянок.
 
Скрозь лісточкі і галінкі
Ўлонне ямы-азярынкі
Срэбрам ззяе-аддае.
 
Падыходзіць падарожны
І на бераг на мурожны
Прагна воду дастае.
 
Ды адскочыў, небарака:
Там шыпяць, кішаць вужакі,
Твань прасмердлая і бруд!
 
Усміхнуўся горка-крыва,
Адышоўся, стаў маўкліва —
Чый жа злы такі прысуд?
 
Галавой панік дарожны.
Жар паўднёвы, жар бязбожны
Горай стаў яго спякаць.
 
Тая ж трудная дарога
Між пяскоў ідзе убога,
Тая ж вымершая гладзь!



 
30/ХІІ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас