"Рана вам журыцца..."

Якуб Колас

* * *
 


Рана вам журыцца,
Думкі, сэрца дзеткі,
Рана вы завялі,
Веснавыя кветкі!
 
Ці мароз знячэўку
Вас прыбіў вясною,
Як на сцежку жыцця
З простаю душою
Стаў я, поўны веры,
Радасці і сілы?
Што ж на вас дыхнула
Холадам магілы?
 
Што ж вы неспакойна
Кружыцесь, як пчолы?
Думкі, мае думкі!
Што вы невясёлы?
 
Ці краіны роднай
Балаты гнілыя
Смуткам вас акрылі,
Думкі маладыя?
 
Ці вас песня-жальба,
Думкі, ўзгадавала?
Ці людское гора
Ў лесе вас спаткала?
 
Ці маё так жыцце
Склалася няўдала?
Ці мая дарога
Ў туманы папала?
 
Рана спахмурнелі,
Думкі маладыя,
Рана вы завялі,
Кветкі веснавыя!



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас