Восень у гаі

Якуб Колас

Гай заціх, бы зачарован.
Шум і спеў яго пахован,
Гай смуткуе і маўчыць,
 
Бы душа ў часы змяркання;
Толькі песняй пахавання
Вецер нудна прашуміць,
 
А лісцё паміж камлямі
Пажаўцелымі раямі
Заснуецца, задрыжыць
 
І на дол на памярцвелы
Так пакорна, так нясмела
З ціхім шолахам ляціць…
 
Сумна ў гаі і маркотна,
Толькі лісцечка гаротна
Штось журботнае гудзе.
 
З гэтай мовай ападання
Песню хмурага змяркання
Думка чуткая вядзе.



 
16/Х 1916

Іншыя творы: Якуб Колас