Старыя дубы

Якуб Колас

Зноў я бачу, зноў вітаю
Сілачоў вяльможных —
Па-над Нёманам у гаі
Гурт дубоў разложных.
 
Сам не ведаю, чым мілы,
Чым вы сэрцу любы,
Выхаванцы веку, сілы,
Магутныя дубы.
 
Чымся мілым, чымся родным
Ад вас павявае,
Аж мне сэрца ў спеў лагодны
Штосьці ахінае.
 
Ўзварухнуцца думкі-песні,
Як вашы лісцінкі,
І зноў станеш напрадвесні
Жыццёвай пуцінкі.
 
Цешуся я, пазіраю
На вас, вежы-дрэвы,
Цьмяна сэрцам прачуваю
Вашы думкі-спевы.
 
Але шум не той я чую —
І вы парадзелі,
І вы не ўсе буру злую
Знеслі і здалелі.
 
Ой, асілкі ў ціхім гаі,
Дубы векавыя!
Я вітаю вас, вітаю,
Волаты любыя!
 



 
1912

Іншыя творы: Якуб Колас