Чырвоная Армія

Якуб Колас

У бітвах, у громах навалы і бур
Узводзілі Ленін і Сталін той мур,
 
Што стаўся мацней і цвярдзей за алмаз,
Што Арміяй горда завецца у нас.
 
Чырвоная Армія – гэта скала,
Адвага герояў і зоркасць арла,
 
Ахова свабоды, яе меч і шчыт;
Чырвоная Армія – гэта граніт,
 
Жалезная воля і сіла зямлі,
        Дзе новае сонца і зоры ўзышлі;
 
Чырвоная Армія – грозны народ;
Чырвоная Армія – мужнасці ўзлёт,
 
Што ўзносіць у высі, якіх не знаў свет;
Чырвоная Армія – лепшы наш цвет,
 
Вялікага сэрца гарачая кроў
І наша бязмежная гордасць, любоў;
 
Чырвоная Армія – наша краса,
Для ворагаў Армія наша – граза!
 
Жывеце ж, красуйцеся, сокалы, львы!
        Вышэй узвівайся, наш сцяг баявы!



 
[1938]

Іншыя творы: Якуб Колас