Першае знаёмства

Якуб Колас

Помню, помню тую ночку!
Не забуду я той час.
Пеў салоўка у садочку,
Зор цягнуўся ў небе пас.
 
Выплыў месяц круглы, поўны,
Падрумянены, як блін.
Церушыўся мрок бязмоўны,
І пʼяніў мяне язмін.
 
І прыйшла ты нечакана,
Сама, строгая, прыйшла!
І са мною аж да рана
Тую ночку правяла.
 
Загадала першым дзелам
«Рукі ўгору» мне падняць
Ды кішэні аглядзела,
Нават кіцель мусіў зняць.
 
Распарола мой сяннік ты,
Развярнула мой бярлог,
  І лісты мае ад Вікты
Паляцелі за парог.
 
Праз увесь час з твайго твару
Не знікала строгасць, злосць,
І, сказаўшы мне слоў пару,
Запытала: «Пашпарт ёсць?»
 
Ты набрала маіх кніжак
Два партфелі і прыпол,
А каб быць знаёмай бліжай,
Напісала пратакол.
 



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас