«Іскры Іліча»

Якуб Колас

У пасцельку легла Ганя.
Скончан дзень. Заснуць пара.
Ноч у вычварным каптане
Ціха крадзецца з двара.
 
І цікуюць зоры з вышкі
Сінявокай грамадой.
А ў Ганусі, у малышкі,
Розных думак цэлы рой.
Быў цікавы дзень без меры:
Сонца, яснасць, цеплыня.
А за ўсё лепш — піянеры
І іх забаўкі, гульня.
 
«Скуль іх столькі? — дзіва Гані.
— Ну, як макаў агарод!
І малыя, а ўжо зрання
Правялі ў калгасе сход.
 
Былі песні, пагулянкі...»
Не засне ніяк дзяўча.
«А якія ў іх чытанкі,
Кніжкі «Іскры Ільіча»!
 
Там аповесці, нататкі
Пра звяроў і пра калгас.
А рысункі, а загадкі!..
Вось дзе можна бавіць час!»
 
Ціш і сон вакол маўклівы,
А ў Ганусіных вачах
Пінерскі тлум шчаслівы
І іх «Іскры Ільіча».



 
7/ХІІ 1930

Іншыя творы: Якуб Колас