Нягода

Якуб Колас

Ахвяруецца А.Уласаву.
 
 
Мы чакалі нецярпліва
Лета, цёплых, ясных дзён,
Каб не гнулась наша ніва,
Не глушыў яе драсён.
 
Хмурна ж наша, хмурна лета,
Сцелюць хмары валакно,
Сонцам поле не сагрэта,
Дробны дождж сячэ ў акно.
 
Затоплена сенажатка –
Верх травы адно відаць,
Збожжа ў полі гіне, братка,
Няма сілы працаваць.
 
Вось Ілья ўжо недалёка,
Жаць пара, пара касіць.
Дарма ў неба глядзіць вока –
  Хмар густых ім не прабіць.
 
Перакідаем, брат, лета
І сяк-так перажывём.
Час наш будзе – вер у гэта –
З верхам працу мы збяром.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас