Май

Якуб Колас

Сышлі халодныя туманы,
Заслоны шэрыя смугі,
І недалёк ён, дзень жаданы,
Сусветны госць наш дарагі.
 
Як пасмы золата, праменні
Бруяцца з сіняй глыбіні,
І сеюць радасць поўнай жменяй
Іх жыватворчыя агні.
У ззянні песцяцца бярозы,
Галлё спусціўшы да зямлі,
І роняць сокі — шчасця слёзы –
На заімшэлыя камлі.
 
Вандроўнік-вецер выганяе
На неба статка лёгкіх хмар,
Ідзе ў абходы, аглядае
Зямлю, як дбалы гаспадар.
 
І ўсюды кіне сваё вока,
Шушукне штосьці хвайнякам
І падыхне, ды так глыбока,
Паблёклым травам, лазнякам.
 
Зямля ў надзеі ажывае,
Глядзіць красуняй маладой.
Ідзе жыццё насустрач Маю,
Ідзе вясёлай грамадой.
 
А разам з ім і мы ўсе чыста,
Дзятва савецкіх гор, раўнін,
Сустрэнем свята урачыста
І скажам дружна, як адзін:
 
«На барацьбу, народы свету!
За намі смела крок у крок:
Адна дарога ў нас і мэта —
Дзень вашай волі недалёк!»



 
19/IV 1938

Іншыя творы: Якуб Колас