Матчына прычытанне

Якуб Колас

Верхам крыжастым узняўшысь высока,
Хмурыя ёлкі панура шумяць.
Дзе-нідзе вынікне дуб адзінока,
Дзе-нідзе вязы, як вежы, стаяць.
 
Дзікае месца! Лясы і балоты,
Купін мільёны, кусты лазняка.
Боязна шэпчуць аеры, чароты,
Глуха, трывожна шуміць асака.
 
Лозы і травы штось цёмнае баюць.
    Што? Невядома для нашых вушэй.
Нетры лясныя спрадвеку хаваюць
Нейкую тайнасць ад вока людзей.
 
Чорная грэбля лягла праз балота.
Хвораст, бярвенне, як рэбры, тарчаць,
Грэбля паганая — гразь і плюхота.
Слава нядобрая ходзіць пра гаць!
 
 
        *
Каля грэблі за балотам
Людзі начавалі;
Аж з-пад Пінску шлі пяхотам,
Таварыну гналі.
 
Сутунела. Ў цёмным лесе
Галасілі совы.
Нікла ў мроку ўсё Палессе,
Бор драмаў хваёвы.
 
На балоце з чаратамі
Лазнякі шапталі,
Дзесь у пушчы, за дубамі,
Пугачы крычалі.
 
Месяц бледны срэбрам ліўся
Ў нетры ночы шэрай.
Люд гудзеў і варушыўся,
Заняты вячэрай.
 
А касцёрчык так прыветна
Мігацеў-свяціўся,
А над лесам чуць прыметна
Слаўся дым і віўся,
 
 
 
Залатымі матылькамі
Іскаркі ўзляталі
І высока над лістамі
Гаслі, прападалі.
 
Зоркі ціха мігацелі,
Разубраўшы неба.
Гаманілі людзі, елі,
Ды не стала хлеба.
 
– Слухай, Пётрык, збегай к маме,
Возьмеш хлеба, сала
(А за грэбляй між лясамі
Вёска іх стаяла)! —
 
Так дзед кажа да Пятруся,
  Хлопчыка малога.
– Калі ж, дзедка, я баюся
Злыдзеня ліхога!
 
– Смейся, хлопча: мы ж тут блізка,
А там зараз хаты.
Яшчэ ж рана, месяц нізка.
Чуй — пяюць дзяўчаты!
 
        *
Час ідзе, бягуць хвіліны.
Дзед чакае ўнука.
І няма, няма хлапчыны,
  Аж бярэ дакука.
 
Месяц вышай усплывае,
Поўнач недалёка,
Вось і Сітца чуць мігае.
Ледзьве зловіш вокам.
 
Позны час, але не спіцца
Базылю старому:
Што магло б там прылучыцца
Петрусю малому?
 
Што ж дагэтуль не прыходзіць?
  Час вярнуцца з дому...
Думка думку ў дзеда родзіць,
Неспакой старому.
 
І нарэшце не ў трыванне.
Нейкі страх вярзецца,
Не бярэ сон ані звання,
Дзед дамоў пляцецца.
 
Глуха, пуста. Сном глыбокім
Спяць па хатах людзі.
Цісне землю ночка мрокам,
  Ноч сысці марудзіць.
 
– Дома Пётра? — дзед спытаўся.
– Не, няма! Дзівота!..
І трывога, рух падняўся,
Клопат, страх, згрызота...
 
 
        *
Сярод грэблі, між бярвення,
Ўвесь гразёй заліты, –
Божа мілы! вось здарэнне! –
Як бы кім забіты,
 
Трупік Пётры знайшлі людзі,
  Што ганялі стадка.
Прыйшла маці ды рве грудзі.
«Ой, дзіця, дзіцятка!
 
Мой сыночак залаценькі!
Ачніся, зірні ты!»
А ён, бедны, нежывенькі,
Вочачкі закрыты.
 
Плача маці, лямантуе,—
Раздзірае душу!
Ды сыночка не ўратуе,
  Смерці сну не зрушыць.
 
 
        *
З таго часу, чалавеча,
Толькі ночка гляне,
На тэй грэблі голас нечы
Прычытоўваць стане,—
На тым месцы, дзе маленькі
Быў Пятрусь забіты:
«Мой сыночак залаценькі!
Ачніся, зірні ты!»



 
19/ІХ 1910

Іншыя творы: Якуб Колас