Джамбулу

Якуб Колас

Ад снежных вяршалін Каўказа, Паміра,
Як гордасць шчаслівых аулаў,
Грыміць мнагаструнная звонкая ліра,
Сімфонія песень Джамбула.
 
Дзівосныя песні яго — зараніцы,
Што ззяюць у яснай лазуры,
Што сыплюць вясёлкі, святло бліскавіцы,
Сатканыя з сонца і буры.
У іх дыша свежасць, юначая сіла,
І мудрасць у іх Казахстана,
Імклівасць патокаў, арліныя крылы
Чаруючых думак баяна.
 
Плывуць яго песні ад краю да краю
Натхнёна, свабодна, прачула,
Дзядулю Джамбула я шчыра вітаю,
Вітаю акына Джамбула!
 
Вітаю я партыю, Сталіна геній,
Што круг наш глухі разамкнулі,
Што сеюць народам для дружбы праменні,
Што нам падарылі Джамбула.



 
[1938]

Іншыя творы: Якуб Колас