З дарогі

Якуб Колас

Мінула шмат гадоў,
І многа змен за той час адбылося!
У подыхах вятроў
Шмат страчана слядоў,
Бы красак тых у выцвіўшым пракосе.
 
І часта, нібы ў сне,
Мінулае мільгнецца прад вачамі,
Як песня аб вясне,
Аб той, што колісь мне
        Няяснымі звінела галасамі.
 
Пазбыцца гэтых сноў
І зʼяў былых не ў сілах я і сёння:
Не-не ды ўспомню зноў
Той кут, дзе я даўно
Сагрэты быў пяскамі Наднямоння.
 
Я свет угледзеў там,
Пазнаў складанасць гам яго і тонаў,
Адчуў дзівосны храм —
Злучэнне бляску, плям,
        Дзе ўсё дрыжыць, звініць напеўным звонам.
 
І колькі зʼяў і чар
У памяці захована з былога,
Дзяцінства ясных мар,
Прывабны скарб і дар,
Як першая ў жыццё мая дарога!
 
Хоць след пуцін маіх
Засыпан там ужо даўно вятрамі,
Я бачу, як жывых,
Мне блізкіх, дарагіх,
        Замучаных царамі і панамі.
 
Дзяцінства сны мае
І вобразы пад нёманаўскім сонцам!
Як часта паўстае,
І вабіць, і пяе
Акорд, адспеваны і злучаны з бясконцым!
 
 
  *
 
Прайшоў час немалы,
К нам светлыя заглянулі дзянніцы,
А там, у бок Сулы,
Драпежныя арлы
        Дзюб звесілі ў панурай таямніцы,
 
Па сходзе многіх дзён
Я зноў зірнуў у вочы родным долам...
Зняменне, ціш і сон,
Убоства і прыгон,
За крыжам крыж, астрогі і касцёлы.
 
Зноў сунуцца з імглы
Забытыя малюнкі і настроі:
«Двухглавыя» арлы,
Жандар, тупы і злы,—
        Прыпеўкі ўсё з той оперы старое!
 
Вось ён, другі жандар...
Нутро — адно, хоць іншае аблічча:
Насунут брыль на твар,
Ён Бог тут, ён тут цар
І «польскасці» ахова ў прыграніччы.
 
Гляджу, лаўлю вакол
Знаёмыя і выцвіўшыя рысы.
Дзе ж люд — ярэмны вол?
Спусціўшы вочы ў дол,
        Ён ходзіць дзесь, адцёрты за кулісы.
Дзе ж посулы паноў,
Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?
У дзвеньканні званоў,
У звоне кайданоў,
У свісце бізуноў,
У голадзе, асадніцтве, падполлі!
 
Дык вось які ты, край,
Прытулак мар і сноў маіх дзяціных!
        Стары снуеш ты бай
Пра царскі, панскі «рай»,
Гаротная, знямелая краіна!
 
Пасечаны лясы,
І толькі хмыз на торфішчы буяе.
Загоны — паясы,
Ні сілы, ні красы, —
На тыя ж галасы
Звініш, зямля заходняя, старая!
 
І горкім палыном
Павеяла ад песні, ўжо забытай...
                Мой родны край і дом
Пад белым пад арлом!
Нядоляю ты цяжкаю спавіты.
 
І я, твой родны сын,
Чужынцам у табе сябе ўжо адчуваю.
Прымі ж хоць на ўспамін
Нататку з пуцявін —
Жальбу маю аб лёсе тваім, краю!



 
3/І 1936

Іншыя творы: Якуб Колас