Голас Бога

Якуб Колас

Утрацілі сілу малітвы:
Як ні маліся – маўчок!
І вострыя словы, як брытвы,
Ты лепей павесь на кручок.
 
І раптам у восеньскім ветры
Параду дае мне сам Бог:
«Не лазь ты ў дакторскія нетры –
У лес падавайся на мох.
 
Ды захапі ты з сабою паўпляшкі
        Гарэлкі або каньяку.
Я грэх адпушчу табе цяжкі,
Палёгку зраблю, бедаку.
 
Пасціў ты не мала і годзе!
А піў, але ў меру, шмат лет –
Вазьмі дзвесце грам, не пашкодзіць,
Бо што без гарэлкі паэт?»
 
Змоўк голас ў подыху строгім,
Схіліліся дрэвы ўдалі.
Я стаў на калені прад Богам
        І лбом дакрануўся зямлі.



 
20/ХІ 1955

Іншыя творы: Якуб Колас