Каманіну, Молакаву і Сляпнёву

Якуб Колас

Панурая поўнач. Халоднае мора,
Дзе бура выводзіць акорды глухія,
Дзе голага лёду пачварныя горы
Вартуюць сакрэты і тайны стыхіі...
 
Адважныя людзі Савецкай краіны
Пайшлі ў наступленне на тайны прыроды.
Разбілі, расцерлі судно іх ільдзіны
Пад ярасны скогат пургі, непагоды...
 
Прыкованы вочы, увага мільёнаў
Да лагера Шмідта на здрадлівым лёдзе —
Што будзе з іх лёсам над вірам шалёным?
Хто вызавы кіне халоднай прыродзе?
 
Знайшліся ў краіне Саветаў тытаны,
Дзе ленінскі геній трымае стырно:
Праз горы, праз нетры, праз пургі, туманы
Вёў смелы Каманін арліна звяно...
 
Сляпнёў і Каманін і Молакаў хмуры!
Дастойны вы песень вялікіх паэтаў:
Бо вы пакарылі стыхію і буры
Для гордасці, славы краіны Саветаў.



 
13/IV 1934

Іншыя творы: Якуб Колас